БЕЗЗВАРО́ТНАЕ ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,

у вузкім сэнсе — забор водаў без вяртання іх у натуральныя крыніцы водаспажывання; у шырокім сэнсе — спажыванне вады з воднага аб’екта або сістэмы водазабеспячэння, пры якім частка яе страчваецца. Беззваротныя страты вады ў быт. мэтах, сельскай гаспадарцы, прам-сці падзяляюцца на неабходныя (напр., уваходзяць у склад прадукту: пры вырабе буд. матэрыялаў для прыгатавання рабочых раствораў, у гальванічных і электролізных ваннах у металургіі) і неапраўданыя (уцечка ў трубаправодах, каналах, натуральнае выпарэнне з паверхні сажалак-ахаладжальнікаў, адстойнікаў, вадасховішчаў). Некантралюемае беззваротнае водаспажыванне вядзе да абмялення і вычарпання вадаёмаў, з якіх забіраюць ваду, зменьвае іх біятычныя ўмовы. Пры замкнёным цыкле водаспажывання і безадходных тэхналогіях беззваротнае водаспажыванне не аказвае адмоўнага ўздзеяння на стан водных крыніц.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)